Памятные места аг.Шиловичи
Касцёл Святой Тройцы у аг. Шылавічы - выдатны помнік неаготыкі
Храм будаваўся ў 1907 – 1914 гг. на сродкі парафіян і ахвярадаўцаў. Ініцыятарам будаўніцтва з’яўляўся мясцовы святар ксёндз Казімір Станіёніс. Будынак значна пацярпеў у час Першай сусветнай вайны, ў 1915 г. Пасля вайны быў адноўлены вернікамі. Ізноў быў пашкоджаны ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1959 г. у час “ваяўнічага атэізму” быў зачынены ўладамі. Будынак выкарыстоўваўся як склад і майстэрня для тэхнікі. Усе каштоўныя прадметы культу былі вывезены. У канцы 1980-х вернікі дабіліся аднаўлення храма. Быў адноўлены ў 1993 г. намаганнямі і на сродкі парафіян і ахвярадаўцаў. Рэстаўрацыйныя работы працягваліся яшчэ дзесяць гадоў.
Помнік архітэктуры неаготыкі. Вырашаны паводле канона трохнефавай аднавежавай базілікі з трансептам, трохграннай апсідай і двумя сакрыстыямі. Вежа вышынёй 55 м. завяршаецца высокім шатром з крыжам. Грані і вуглы вежы ўмацаваны контрфорсамі. Галоўны ўваходны партал вылучаны вімпергам. Бакавыя фасады расчлянёны стральчатымі вокнамі, у прасценках умацаваны контрфорсамі і аркбутанамі. Крылы трансепта прарэзаны вялікім аконным праёмам. Кантрастнае каляровае вырашэнне заснавана на спалучэнні чырвонага колеру цаглянага фону і пабеленых элементаў дэкору.
У інтэр’еры нефы падзелены стральчатымі арачнымі праёмамі, якія абапіраюцца на прафіляваныя слупы. Перакрыццё - крыжовае скляпенне з нервюрамі. Цэнтральны алтар выкананы ў стылі барока, ён быў перанесены сюды з папярэдняга касцёла 1600 г. У правым алтары - копія цудоўнага абраза Маці Божай Нявіннай, якая топча змея,XVII стагоддзя. Левы алтар упрыгожвае абраз Святога Іосіфа з маленькім Хрыстом.
Шылавіцкі храм заўсёды быў і цяпер з’яўляецца духоўным цэнтрам жыцця наваколля. Гэта адзін са значных сацыяльных цэнтраў мясцовасці. Касцёл Святой Тройцы ўваходзіць у лік самых прыгожых культавых пабудоў Беларусі.